Восеньскае свята «Багач».

26.09.2022

Сёння ў нашай дашкольнай установе прайшло фальклорнае свята "Багач". Менавіта з гэтым народным святам пазнаёміліся выхаванцы старшых груп, наведаўшыся ў госці да гаспадынi беларускай хаткi. Гаспадыня растлумачыла дзецям, адкуль пайшла назва свята, якія традыцыйныя абрадавыя дзеянні праводзіліся сялянамі ў гэты дзень, пазнаёміла з «Багачом». Так у народзе называлі лубок з жытам, якое па жменьцы зносілі жыхары ўсёй вёскі, і ў сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка.

Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі творы беларускага фальклору - напеўныя беларускія песні, прымаўкі і прыказкі. З задавальненнем адгадвалі беларускія загадкі,  спявалі, вадзілі карагоды. Дзецям вельмі спадабаліся беларускія гульні з чароўнага куфэрка - "Міхасік", "Вожык і мышы", "Гарлачык". А якое ж беларускае свята ўраджаю абыдзецца без бульбы! Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў спрыце па "зборы ўраджаю ўсляпую".